Рыгор Барадулін – адзін з вядомых майстроў слова. Ён носіць высокае званне народнага паэта Беларусі, якое было нададзена яму ў 1992 годзе. Рыгор Барадулін, быццам ювелір, граніць радок, стварае ўражанне лёгкасці пісьма. Пра такіх паэтаў гавораць, што яны маюць талент з ласкі Божай.
Жыццё і творчы плён Рыгора Іванавіча Барадуліна – Ушаччына, адзін з маляўнічых куткоў Віцебскай зямлі. Тут ён нарадзіўся на хутары Верасоўка. Барадулін неяк прызнаўся, што горад для яго – часовае месца жыхарства, а родны ўшацкі кут – мясціны, дзе ён адчувае сябе нязмушана і ўтульна. Сэрца паэта глыбока і моцна зраслося з ушацкімі дарогамі, пяскамі, дрэвамі, азёрамі…
Дзіцячай радасці будучы паэт спазнаў небагата. На Ушаччыну прыйшла вайна, якая прынесла нялёгкую долю. І ў суровыя гадзіны вайны, і ў цяжкія пасляваенныя гады хлапчука сагравала матчына сэрца. Ёй, любай маці Акуліне Андрэеўне, паэт пакланяецца ўсё сваё жыццё, абагаўляе яе вобраз, выказвае сыноўнюю ўдзячнасць матчынай хаце, матчынаму слову, матчыным песням, матчыным рукам, матчынаму цяплу і самаахвярнасці.
У 1954 г. Рыгор Барадулін скончыў Ушацкую сярэднюю школу і падаўся на вучобу ў Мінск. На студэнцкія гады прыпадае пачатак творчага самасцвярджэння паэта ў літаратуры. Першы яго зборнік “Маладзік над стэпам” (1959) стаў прыкметнай з’явай у тагачаснай паэзіі, пра маладога тады аўтара загаварылі як пра цікавага і арыгінальнага творцу. А далей былі сустрэчы з кнігамі Р. Барадуліна “Рунець, красаваць, налівацца!” (1961), “Неруш” (1966), “Адам і Ева” (1968) і іншымі.
Пасля заканчэння БДУ паэт працаваў у рэдакцыях беларускіх часопісаў “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”, выдавецтве “Беларусь”, а, пачынаючы з 1972 года, больш дваццаці гадоў аддаў плённай працы ў рэспубліканскім выдавецтве “Мастацкая літаратура”. За гонар лічылася, калі кнігу маладога аўтара браўся рэдагаваць Рыгор Барадулін, а яшчэ было больш ганарова, калі Рыгор Іванавіч пісаў і прадмову, бласлаўляючы на ўзлёце ў вышыні роднай літаратуры.
Самым галоўным у жыцці для Рыгора Барадуліна заўсёды заставалася творчасць. У 1970–1990-я гады ім створаны не адзін дзесятак паэтычных кніг – “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Амплітуда смеласці” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Евангелле ад Мамы” і іншыя.
Асабліва шмат паэт зрабіў на ніве мастацкага перакладу, ён выйшаў у шырокі свет еўрапейскай і сусветнай літаратуры. Дзякуючы творчым намаганням Рыгора Барадуліна ў перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Амара Хаяма, Яна Райніса, Федэрыка Гарсія Лоркі, Габрыэлы Містраль, Барыса Пастарнака і іншых. Паасобныя творы многіх паэтаў свету склалі кнігу перакладчыка “Кахаць – гэта значыць…” (1986).
Рыгор Барадулін напісаў шмат твораў і кніжак для маленькіх чытачоў (найбольш поўна яго дзіцячая паэзія сабрана ў зборніку “Ішоў коця па канапе” 1997). Ён выдаў кнігі гумару і сатыры: “Дойны конь”, “Станцыя кальцавання”, “Прынамсі”, “Мудрэц са ступаю” і іншыя. Усё гэта сведчыць, што талент Барадуліна надзвычай шматгранны.