21 лютага ў Кіраўску ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы прайшлі сустрэчы з пісьменнікам-земляком Алесем Казекам, старшынёй Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Алесь Казека ўраджэнец вёскі Новы Юзін Кіраўскага раёна. Піша на беларускай і рускай мовах. Аўтар зборнікаў вершаў «Перекрёстки судеб», «Души моей родник», «Мелодия надежды», «Единственный друг», «Час сяўбы», паэм «Медуніца», «Марыйка» і іншых. Акрамя таго яго вершы змешчаны ў шматлікіх калектыўных зборніках. З 2016 года з’яўляецца старшынёй Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Падчас літаратурнай сустрэча «Слова да роднай зямлі», якая прайшла ў рамках адзінага дня інфармавання, Аляксандр Мікалаевіч пазнаёміўся з ідэолагамі, супрацоўнікамі культуры і адукацыі, жыхарамі раёна.
Літаратурная гасцёўня «Сэрца, якое належыць Беларусі» прайшла з навучэнцамі школ горада. Падчас размовы з дзецьмі Алесь Казека распавёў, што значыць Радзіма для яго, і спытаўся пра іх разуменне Радзімы. Вершы ў яго розныя: сумныя і гумарыстычныя, лірычныя і патрыятычныя. Аўтар прызнаўся, што яго любімай тэмай з’яўляецца восень – час сцішэння прыроды і яркіх фарбаў. Шмат ягоных вершаў зрабіліся песнямі ў творчым саюзе з магілёўскім кампазітарам М. А. Яцковым.
Абедзве сустрэчы прайшлі ва ўтульнай атмасферы. Падчас размовы падымаліся праблемныя пытанні роднай мовы і паэзіі. У ходзе сустрэчы прысутныя даведаліся пра цікавыя моманты з гісторыі жыцця паэта, пазнаёміліся са зборнікамі паэзіі творцы, праслухалі песні на яго словы.
Таксама быў прадэманстраваны запіс тэатралізацыі паэмы «Марыйка», пастаўленай падчас правядзення штогадовага жалобнага мітынгу-рэквіема ў вёсцы Боркі, дзе ў чэрвені 1942 года была праведзена буйная карная аперацыя фашыстаў супраць мірнага насельніцтва. Цяжкія ўспаміны Марыі Іосіфаўны Казека − маці паэта, ляглі ў аснову паэмы.
Такія сустрэчы вельмі карысныя і даюць магчымасць не толькі непасрэдна пазнаёміцца з творцам, але й даведацца пра яго адносіны да роднай мовы і Радзімы.
Марына Цвяткова, дырэктар ДУК “Сетка бібліятэк Кіраўскага раёна”
Ещё на сайте
Анонс мероприятий ГУК «Сеть библиотек Кировского района»
ГУК “Сеть библиотек Кировского района” представляет еженедельный анонс мероприятий. ДЛЯ УТОЧНЕНИЯ ИНФОРМАЦИИ ПО МЕРОПРИЯТИЯМ, ПРОСЬБА …