«Любіце і шануйце родную мову, сябруйце з кнігай!
Чытайце, падрастайце, вучыцеся на карысць Беларусі!»
Анатоль Клышка
Анатоль Канстанцінавіч Клышка нарадзіўся 16 красавіка 1935 года ў вёсцы Данейкі (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і. Беларускі савецкі празаік, журналіст, крытык, перакладчык, педагог, аўтар беларускага буквара, які з 1969 году вытрымаў дзясяткі выднняў.
Яго старэйшы брат Міхась Клышка таксама беларускі мовазнаўца, аўтар першага ў беларускай лексікаграфіі «Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў», першае выданне якога выйшла ў 1976 годзе.
Сям’я Клышкі – малазямельныя сяляне, майстры на ўсе рукі. Бацька цяслярыў, сталярыў, шклярыў, маці абшывала ўсю вёску і была вядомай у вёсцы песенніцай. Яна ведала шмат беларускіх, рускіх, польскіх песень. Пазней ад маці Анатоль Клышка зрабіў многія фальклорныя запісы (гэта звыш двухсот беларускіх народных песень).
Падчас вучобы ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы ў 1950 годзе Анатоль Клышка дэбютаваў з вершам “Мы з’ядналіся ў калгас” у навагрудскай гарадской газеце «Звязда, дзе пасля працаваў карэктарам. З 1953 да 1958 гг. Анатоль Клышка вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Перавёўшыся на завочнае аддзяленне, каля года быў супрацоўнікам газеты «Літаратура і Мастацтва».
З 1959 да 1961 займаўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы акадэміі навук БССР. У 1961-1963 гадах – старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», пасля перайшоў на працу ў часопіс «Полымя», рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 года – супрацоўнік навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981–1983 гадах – загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986-1990 гадах – загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя».
Анатоль Клышка займаўся даследаваннямі праблем развіцця беларускай паэзіі (творчасць М. Багдановіча, М. Танка, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна і інш.), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.
Пераклаў на беларускую мову «Новы запавет», раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою». Перакладаў з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў.
Яго мастацкія творы адметныя арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю («Чабарок», «У лясах Белавежы», «Самая лепшая хатка», «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» і шмат іншых).
Анатоль Канстанцінавіч ўзнагароджаны медалямі Францыска Скарыны, «За трудовую доблесть», «Ветеран труда», літаратурнай прэміяй імя Васіля Віткі. А буквар Анатоля Клышкі ўзнагароджан залатым медалём Міжнароднай Лейпцыгскай выставы ў 1977 годзе, сярэбраным медалём на ВДНГ СССР, у 1999 годзе буквар атрымаў першую прэмію на конкурсе «Падручнік года».
Анатоль Канстанцінавіч Клышка два дні не дажыў да свайго дня нараджэння. Яго сэрдца перастала біцца 14 красавіка 2021 года. Пасля сябе заставіў адметны след – кнігі, якія вучаць бясконца любіць Радзіму.