НОВОСТИ / МОВА / 535 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

535 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

У 2025 годзе спаўняецца 535 гадоў з дня нараджэння доктара медыцыны, першадрукара ўсіх славян, перакладчыка і выдаўца Бібліі, пісьменніка Францыска Скарыны.

Дакладных звестак пра дату нараджэння Скарыны не выяўлена. Вядома, што нарадзіўся асветнік у Полацку каля 1490 года ў сям’і заможнага Полацкага купца Лукі, які вёў гандаль з Чэхіяй, з Маскоўскай Руссю, з польскімі і нямецкімі землямі. Ад бацькоў сын пераняў любоў да роднага Полацка.

 Першапачатковую адукацыю Францішак атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся чытаць і пісаць, затым вучыўся ў школе пры Каталіцкім Касцёле ў Полацку. У 1504 годзе Скарына паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт на факультэт «вольных мастацтваў» або філасофіі і ў 1506 годзе атрымаў навуковую ступень бакалаўра філасофіі. Магчыма, у гэтым жа універсітэце праз некалькі гадоў ён дасягнуў ступені магістра, набыўшы веды ў галіне медыцынскіх навук. Гэта дазволіла Францыску Скарыну ў 1512 годзе паспяхова здаць экстэрнам экзамены на ступень доктара ў «лекарскіх навуках» у Падуанскім універсітэце ў Італіі. Да гэтага часу ў адной з залаў гэтай навучальнай установы, дзе знаходзяцца партрэты знакамітых мужоў еўрапейскай навукі, якія выйшлі з яго сцен, вісіць партрэт славутага беларуса працы італьянскага майстра.

Выдавецкую дзейнасць Францыск Скарына пачаў у Празе пры падтрымцы беларускіх купцоў з Полацка і Вільні Багдана Анкова, Юрыя Адверніка і іншых. Ён заказаў друкарскае абсталяванне, узяўся перакладаць і каментаваць кнігі Бібліі. Адукаваны і дзелавы беларус паклаў пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню. Менавіта ў Празе ў жніўні 1517 года з’явілася першая кніга, якую Скарына прысвяціў «людзям паспалітым да добрага навучэння» – «Псалтыр».

За няпоўныя тры гады ў пражскай друкарні Скарына надрукаваў 23 ілюстраваныя (упрыгожаныя мноствам ксілаграфічных гравюр, ініцыялаў і заставак) кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову. Яны забяспечаныя прадмовамі і каментараямі, якія адлюстроўваюць канфесійныя, філасофскія і асветніцкія погляды Скарыны. Пры выданні Бібліі ён кіраваў працай, карэктаваў набор, даставаў у Германіі дэфіцытную паперу з вадзянымі знакамі.

Пасля доўгіх тулянняў друкар у пачатку 1520-х гадоў вырашыў асталявацца ў Вільні. Тут ён абраў нявесту – сваю суайчынніцу, заснаваў друкарню ў доме старэйшага Віленскага бурмістра Якуба Бабіча. У друкарні была надрукавала «Малая падарожная кніжыца» для купцоў і ўсіх тых, каму тыднямі даводзіцца бываць у дарозе. Скарына напісаў для гэтай кнігі некалькі акравершаў, пралічыў даты сонечных і месяцовых зацьменняў. Услед за ёй Скарына надрукаваў «Апостал» – дзеі і пасланні святых апосталаў.

Беларускае кнігадрукаванне пачалося адразу на еўрапейскім узроўні. Рэнесансныя выданні Скарыны вылучаюцца высокай якасцю друку, характэрнымі мастацкімі, гравюрнымі і арнаментальнымі ўпрыгожваннямі, шрыфтам і іншымі кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства.

Заснаванне Скарынам беларускага кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найбольш яркім і выразным пралогам беларускага Адраджэння. У друкаванай кнізе ён бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысціянскіх маральных і грамадзянскіх якасцяў, актыўнага ўзаемадзеяння з еўрапейскай культурай. Дзейнасць Францыска Скарыны аказала вялікі ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў Беларусі, ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах. Яго кнігі аказалі дабратворны ўплыў на развіццё беларускай літаратурнай мовы.

Багацце асобы Францыска Скарыны ставіць яго ў адзін шэраг з такімі выбітнымі людзьмі эпохі Адраджэння, як Леанарда Да Вінчы, Ян Амос Каменскі, Рафаэль, а беларускую культуру, на ніве якой ён працаваў, у адзін шэраг з культурай еўрапейскай.

Кнігі Францыска Скарыны аказалі ўплыў не толькі на развіццё духоўнай культуры Беларусі, але стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях.

У Беларусі шануюць памяць вялікага першадрукара. Многія вуліцы ў нашай рэспубліцы, а таксама Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт носяць яго імя, устаноўлены помнікі. Апошні з іх быў усталяваны ў сталіцы Беларусі, побач з уваходам у новую нацыянальную бібліятэку. Да яго 500-годдзя быў створаны фільм-опера «Францыск Скарына».

Законам Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» у 2004 годзе былі ўстаноўлены ордэн і медаль Францыска Скарыны.

 

Поделиться ссылкой:

Ещё на сайте

130 ЛЕТ СО ДНЯ РОЖДЕНИЯ ВСЕВОЛОДА РОЖДЕСТВЕНСКОГО

Всеволод Александрович Рождественский родился 10 апреля 1895 года в Царском Селе (сегодня – город Пушкин). Отец …

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Я согласен с Правилами пользования сайтом и Правилами пользования библиотекой