НОВОСТИ / ПОЛЬЗОВАТЕЛЮ / ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ / ПЕРСОНАЛЬНЫЕ ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ / “Апраўданне крыві Івана Чыгрынава” (да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка І.Г. Чыгрынава)

“Апраўданне крыві Івана Чыгрынава” (да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка І.Г. Чыгрынава)

Іва́н Гаўры́лавіч Чыгры́наў (21 снежня 1934, Вялікі Бор, Магілёўская вобласць — 5 студзеня 1996, Мінск) – народны пісьменнік Беларусі, драматург, грамадскі дзеяч. Аўтар раманаў «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», якія апавядаюць пра трагічныя падзеі пачатку нямецка-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Кавалер Ордэну Дружбы народаў.

Біяграфія

Іван Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 году ў вёсцы Вялікі Бор Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці ў сям’і старшыні сельсавету. Іван быў чацьвёртым дзіцём у сям’і, а пасля яго нарадзіліся яшчэ тры сястры і брат. Бацька быў занятым чалавекам, таму дзяцей выхоўвала маці, Хадоска Ігнатаўна. У дзяцінстве перажыў Вялікую Айчынную вайну, на якой згубіў бацьку.

Пасля сканчэння Вялікаборскай сямігадовай школы (1949) працягнуў навучанне ў дзесяцігадовай школе ў Саматэвічах (Магілёўская вобласьць), якая знаходзілася за восем кіламетраў ад хаты. Вучыўся старанна. Гэтую школу ў свой час скончыў беларускі паэт Аркадзь Куляшоў. У той час, натхнёны творчасьцю Аркадзя Куляшова, Чыгрынаў упершыню пачаў публікаваць свае вершы ў газетах. Вясной 1952 году Куляшоў завітаў у Саматэвіцкую сярэднюю школу на выпускны вечар. На мерапрыемстве выступіў і дзесяцікласнік Чыгрынаў, прачытаў свае вершы.

У 1952 паступіў на аддзяленне журналістыкі філалягічнага факультэту БДУ. Аднакурснікамі Чыгрынава сталі Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў і іншыя. У час вучобы Іван Гаўрылавіч друкаваўся ў рэспубліканскай пэрыёдыцы (вершы ў «Чырвонай змене», часопісе «Полымя»).

Пасля сканчэння ўнівэрсытэту з 1957 па 1962 год працаваў рэдактарам у выдавецтве Акадэміі навук БССР, потым там жа загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва. З 1965 па 1975 год працаваў рэдактарам аддзелу публіцыстыкі часопіса «Полымя». У 1973 годзе далучыўся да КПСС. З 1975 з’яўляўся намесьнікам старшыні, а з 1976 году — сакратаром праўлення Саюзу пісьменнікаў БССР. У 1978 годзе ўдзельнічаў у працы XXXIII сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР.

З 1986 па 1990 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. З 1987 году — старшыня праўлення Беларускага аддзялення савецкага фонду культуры. З 1989 году — галоўны рэдактар часопісу «Спадчына». З 1986 па 1990 год — старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савету БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах.

Памёр 5 студзеня 1996 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках у Мінску.

Творчасць

Творчы шлях І. Чыгрынава ахоплівае крыху больш за два дзесяцігоддзі. За гэты час празаікам было напісана каля трыццаці апавяданняў і пяці раманаў.

У друку дэбютаваў вершам у 1952, як празаік — у 1958 годзе ў моладзевай газеце «Чырвоная змена». У 1952 годзе ў №12 часопісу «Полымя» быў надрукаваны верш першакурсніка Чыгрынава «Сон трактарыста».

Сам Чыгрынаў пачаткам сваёй сталай літаратурнай дзейнасці лічыў 1961 год, калі 6 чэрвеня газэта «Літаратура і мастацтва» зьмясціла яго апавяданне «Праз гады».

У пачатку 60-х гг. Чыгрынаў звярнуўся да прозы. Спачатку ён узяўся за напісанне так званых «мясцовых быляў», якія прапаноўваў для друку касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму». У аснову гэтых твораў клаў мясцовыя паданні і легенды, якія запісваў падчас вандровак па роднай Касцюкоўшчыне. Першай сур’ёзнай заяўкай Чыгрынава як празаіка стала дакументальная аповесць «Тайна адной экспэдыцыі», змешчаная ў газэце «Чырвоная змена» ў канцы 1957 году. Ужо ў гэтай аповесці адчуваюцца асаблівасці Чыгрынава-празаіка: важлівае асэнсаванне матэрыялу, нешматслоўнасць і разам з тым глыбокі падтэкст, пераканаўчасць псыхалягічных характарыстык пэрсанажаў.

Аўтар кніг апавяданьняў і аповесьцей «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983), раманаў «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1984), «Вяртанне да віны» (1992), «Ня ўсе мы згінем» (1996), п’есаў — «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзведжым тварам» (1988), «Звон — не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), «Прымак» (1994), кнігі крытыкі і публіцыстыкі — «Новае ў жыцьці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам» (1994). У 1984 выйшлі Выбраныя творы ў 3 тамах.

Падчас працы ў выдавецтве Акадэміі навук далучыўся да навукова-даследніцкай дзейнасці. Разам з В. Бандарчыкам стаў аўтарам манаграфіі «Н. Я. Никифоровский», якая выйшла ў 1960 годзе.

У сваіх творах Чыгрынаў імкнецца паказаць праўду таго суровага і гераічнага часу, праўду, якая адкрылася яго пакаленню, узгадаванаму вайной і балючай памяцьцю пра яе.

Адзін з аўтараў сцэнару шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…» (пастаўлены ў 1973).

Творы І. Чыгрынава вядомыя ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У 1968, 1970, 1978 гг. на расейскай мове выйшлі зборнікі яго апавяданняў, а ў 1972 і 1978 гг. — раманы. Творы пісьменніка перакладзеныя на ўкраінскую, баўгарскую, нямецкую, польскую, ангельскую, францускую і іншыя мовы.

Узнагароды

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) як сааўтар сцэнару тэлефільму «Руіны страляюць…».

У 1994 атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1984), срэбным мэдалём імя А. Фадзеева (1979) за раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві»; мэдалём Францішка Скарыны 1992.

Чалавек з Вялiкага Бору

Народнаму пiсьменнiку Беларусi Iвану Чыгрынаву быў усяго сёмы год, калi пачалася вайна. Але яна перакроiла ягонае жыццё, стала галоўнай тэмай ягоных твораў i скарацiла ягоныя гады. Давайце ўспомнiм цiкавыя факты пра гэтага творцу, якому cёння споўнiлася б 85 гадоў.

У дзяцiнстве яго ганяў па полi фашысцкi лётчык

У вераснi 1941 года сын старшынi калгаса з вёскi Вялiкi Бор Магiлёўскага раёна ў першы клас не пайшоў — якая школа, калi вайна, бацька на фронце… Сям’я вялiкая, шасцёра дзяцей, трэба выжываць. Мацi Хвядоска са старэйшымi капала бульбу. Маленькi Iван iшоў полем да сваiх, раптам — фашысцкi самалёт, «рама», якi мог лятаць вельмi нiзка. Лётчык заўважыў хлопчыка i… вырашыў з iм «пагуляцца». Знiжаўся, скiроўваў машыну на дзiця, каб тое ў жаху ўцякала… Будучы пiсьменнiк нiколi не забыўся тых хвiлiнаў. Тады яму здавалася, ён нават бачыць, як немец смяецца. Урэшце знясiлены хлопчык упаў у баразну, закрыў рукамi галаву… Самалёт паляцеў.

Вайна разбурыла сям’ю

Усялякае давялося перажыць падчас вайны. Iван захварэў на брушны тыф, ледзь выжыў. Дактары лiчылi, што гэта пашкодзiла здароўе i стала прычынай даволi ранняй смерцi. Калi спалiлi хату, давялося жыць у зямлянцы. Дачка Iвана Чыгрынава Таццяна ўспамiнае, што ў бабулi, яшчэ не старой, дрыжэлi рукi. Доўгi час паўсюль пiсалася, што бацька Iвана Чыгрынава не вярнуўся з фронту. Але Таццяна Iванаўна прызналася ва ўспамiнах, што дзед застаўся жывы. Вярнуўся, але да iншай жанчыны, у станiцу Новапакроўскую ў Прыазоўi, там нарадзiлася яшчэ двое сыноў. Хаця каханне калiсьцi было вялiкiм: юная Хадоска, дачка багатага селянiна, выскачыла праз акно з клуначкам рэчаў, як купалаўская Паўлiнка, каб звязаць жыццё з маладым камунiстам.

Скончыў тую самую школу, што i Аркадзь Куляшоў

У Вялiкiм Бары школа была, але толькi сямiгадовая. Таму Iван некалькi гадоў хадзiў у дзесяцiгадовую школу ў суседнiя Саматэвiчы. Калiсьцi ў той самай саматэвiцкай школе вучыўся Аркадзь Куляшоў. На Iвана гэта рабiла вялiкае ўражанне, ён i вершы пачаў пiсаць, пераймаючы славутага земляка. А калi быў у старэйшых класах, Куляшоў прыехаў у школу, i юны Iван Чыгрынаў чытаў на сустрэчы свой верш. Праўда, вучоба запомнiлася не толькi выдатнымi адзнакамi. Iсцi ў Саматэвiчы, якiя знаходзяцца за сем кiламетраў ад Вялiкага Бору, даводзiлася праз лес. Аднойчы Iвана перастрэў на зiмовай дарозе воўк. Хлопец i звер нейкi час пастаялi адзiн перад адным, паглядзелi адзiн аднаму ў вочы… Воўк саступiў дарогу.

Першым надрукаваным творам быў верш «Сон трактарыста»

Паэтам Iван Чыгрынаў так i не стаў, але дэбютаваў менавiта як паэт — у 1952 годзе ў № 12 часопiса «Полымя» быў надрукаваны яго верш «Сон трактарыста». Чыгрынаў тады вучыўся на першым курсе фiлфака БДУ. Хаця ён вядомы найперш творамi пра вайну, пiсаў пра рознае. Напрыклад, першая аповесць «Тайна адной экспедыцыi», якую надрукавалi ў газеце «Чырвоная змена» ў канцы 1957 года, — дакументальны твор пра шведскага даследчыка Арктыкi iнжынера Аўгуста Андрэ. Калi Чыгрынаў даследаваў гiсторыю роднай вёскi, вырашыў, што яе заснавалi збеглыя паплечнiкi Васiля Вашчылы, якi ў XVIII стагоддзi ўзначалiў сялянскае паўстанне. Напiсаў п’есу «Следчая справа Васiля Вашчылы». Родная вёска Вялiкi Бор апынулася ў зоне адсялення пасля чарнобыльскай аварыi. I ў Чыгрынава з’явiлася п’еса пра гэтую трагедыю «Чалавек з мядз­веджым тварам».

Для рамана «Плач перапёлкi» збiраў запiсы птушыных спеваў

Самы вядомы твор Iвана Чыгрынава — яго пенталогiя пра вайну. З гэтай пенталогii вылучаюць першую, самую ўдалую, частку «Плач перапёлкi», якая i была экранiзавана i стала операй. Менавiта за дзве першыя часткi пенталогii пiсьменнiк атрымаў Усесаюзную прэмiю iмя Фадзеева. Вобраз перапёлкi i яе жаласнай песнi адыгрывае важную сiмвалiчную ролю. Чыгрынаў добра ведаў прыроду, яшчэ ў маленстве забяспечваў сям’ю ягадамi ды грыбамi i прызнаваўся, што, калi б не стаў пiсьменнiкам, быў бы астраномам. I, працуючы над «Плачам перапёлкi», здабыў калекцыю запiсаў птушак i слухаў iх, каб правiльна перадаць словамi.

Для працы патрабаваў цiшынi

Па ўспамiнах дачкi, калi Iван Чыгрынаў працаваў у сваiм кабiнеце, у доме мусiла захоўвацца цiшыня. Перашкаджала творцу i мiльгаценне святла. А дом быў на люднай вулiцы, таму члены сям’i кожны вечар завешвалi акно кабiнета шчыльным пакрывалам, хадзiлi на дыбачках i старалiся не шумець.

Памёр Iван Чыгрынаў у 1996 годзе. Пахаваны ён на Усходнiх могiлках у Мiнску.

https://www.sb.by

Чыгрынаў, І.Г. Апраўданне крыві : раман:для старэйшага шк.узросту / Іван Чыгрынаў.- Мінск : Унiверсiтэцкае, 1998.- 334с.-( Школьная бiблiятэка) : 35700р.

Чыгрынаў, І.Г. Плач перапёлкі : раман,апавяданні / Іван Чыгрынаў.- Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2004.- 414с.-( Беларуская проза ХХ стагоддзя) : 6128р.

Чыгрынаў, І. Г. Выбраныя творы : у 3 т. / Іван Чыгрынаў ; [аўтар прадмовы В. Каваленка] : Т. 1 : . – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984 Апавяданні – 365, [1] с., [1] л. партр. ББК 84(4Беи)6-44

Чыгрынаў, І. Г. Вяртанне да віны : раман / Іван Чыгрынаў ; малюнкі В. П. Мурашка. – Мінск : Юнацтва, 1994 – 220 с. ББК 84(4Беи)6-44

Чыгрынаў, І. Г. Звон — не малітва : драмы / Іван Чыгрынаў. – Мінск : Маст.-вытвор. камбінат МФ БССР, 1993 – 398 с. ББК 84(4Беи)6-6

Чигринов, И. Г. Свои и чужие : роман / Иван Чигринов ; [перевод с белорусского И. Сергеевой]. – Минск : Мастацкая літаратура, 1988 – 299, [1] с. ББК 84(4Беи)6-44

Грамадчанка, Т. К. Жывая памяць народа : нарыс творчасці Івана Чыгрынава / Т. К. Грамадчанка ; [рэдактар П. К. Дзюбайла]. – Мінск : Навука i тэхнiка, 1984 – 110, [2] с. ББК 83.3(4Беи)6-8

Марціновіч А. А. Іван Чыгрынаў. Нарыс жыцця і творчасці. — М.: Народная асвета, 1999. — 176 с.

 

Поделиться ссылкой: