На працягу стагоддзя Нацыянальная бібліятэка Беларусі выконвае місію захавальніцы дакументальнай спадчыны беларускага народа.
Яе дзейнасць накіравана на захаванне дакументаў, забеспячэнне доступу жыхароў Беларусі да нацыянальных і сусветных інфармацыйных рэсурсаў. Бібліятэка займаецца адукацыйнай, развіваючай, творчай, забаўляльнай, аздараўленчай дзейнасцю. Магчымасці новага будынка галоўнай інтэлектуальнай скарбніцы краіны дазволілі ўзняць на якасна новы ўзровень усе кірункі дзейнасці. Бібліятэка пашырыла сферу ўзаемадзеяння з грамадствам, павялічыла кола сацыяльнага партнёрства, набыла новы статус.
Фотаальбом “Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 100 гадоў” убачыў свет у выдавецтве “Беларусь” да векавога юбілею бібліятэкі. Па выніках штогадовага конкурсу беларускіх выдаўцоў “Мастацтва кнігі” выданне адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі “Арт-кніга”. Фотаальбом на трох мовах – англійскай, беларускай і рускай; на яго старонках – фатаграфіі, якія храналагічна адлюстроўваюць найважнейшыя падзеі ад пачатку стварэння ўстановы да сучаснасці, гісторыю станаўлення і развіцця галоўнай бібліятэкі краіны. Грандыёзнае выданне, якое выйшла тыражом усяго 1000 экзэмпляраў, адрозніваюць архіўныя фатаграфіі, унікальныя дакументы, незвычайныя ракурсы інтэр’ераў, рэпартажы з праведзеных мерапрыемстваў.
На працягу года рарытэтнае выданне чытальнай залы Кіраўскай цэнтральнай бібліятэкі выклікае зацікаўленнасць у розных катэгорый чытачоў.