Гісторыю сваёй зямлі і дзядоў трэба ведаць… З-пад густых палескіх лясоў, з дыму вясковых хат, з самага сэрца Беларусі прыйшло да нас слова Івана Мележа. Народнага пісьменніка, чые кнігі сталі жывым летапісам нашага народа, яго радасцяў і пакут. Ён пісаў пра нас – нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Яго ўласны лёс быў падобны да лёсу краіны.
Нарадзіўся Іван Мележ 8 лютага 1921 года ў звычайнай сялянскай сям’і ў простай вёсцы Глінішча (Гомельская вобласць), дзе кожную сцежку ведаў, дзе чуў шэпт жытнёвага поля. У чэврені 1942 года атрымаў цяжкае раненне пад Растовам, трапіў у шпіталь… Менавіта там ён, малады салдат, упершыню па-сур’ёзнаму ўспомніў свой Палескі кут. І зразумеў, што яго абавязак – расказаць пра той свет, што застаўся за акном вагона, які вёз яго на фронт.
Іван Мележ – выдатны раманіст, аўтар «Палескай хронікі» і «Мінскага напрамку». З поспехам выступаў у жанры малой прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі.
Але «Палеская хроніка» галоўная справа яго жыцця. Вялікая трылогія: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань», – вяршыня творчасці пісьменніка, дзе гэта не проста раманы. Гэта – маляўнічы, поўны жыцця партрэт нашага народа ў найважнейшы час пералому гісторыі.
«Людзі на балоце» – гэта эпас пра чалавека і зямлю, пра вечнае імкненне да волі. Чуецца грукат першага трактара на вясковым полі. Бачацца ўпартыя вочы Васіля, які не можа змірыцца з тым, што адбываецца.
У «Подыху навальніцы» напружанне дасягае свайго верха. Навальніца сапраўды набліжаецца. І кожны герой робіць свой выбар. Лёсы раздзіраюцца, як пад сякерай. Мележ пісаў пра гэта з чалавечым спачуваннем і бязмежнай сумленнасцю.
«Завеі, снежань»… Трэцяя кніга трылогіі, якая на жаль, не скончана. Пісьменніка не стала. Але і таго, што ён пакінуў, даволі, каб зразумець – гэта было жыццё, пражытае і асэнсаванае для нас усіх.
За гэтую эпапею ў 1972 годзе Іван Мележ атрымаў самую высокую творчую ўзнагарод – Ленінскую прэмію. Але важней за ўсе ўзнагароды – сённяшняя памяць.
Іван Паўлавіч памёр у 1976 годзе. Але ён жыве на кожнай старонцы сваіх кніг, на вуліцах, якія носяць яго імя; у школьных падручніках, у дом-музее, адкрытым у яго роднай вёсцы Глінішча. У 1981 годзе выйшаў двухсерыйны фільм «Людзі на балоце» рэжысёра Віктара Турова. Гэта выдатная магчымасць убачыць жывы свет Мележа на экране.