На Быхаўшчыне, у вёсцы Заброддзе, пачалася гісторыя аднаго з таленавітых пісьменнікаў сучаснасці. Міхась Пазнякоў – паэт, перакладчык, мовазнаўца – прынёс у літаратуру цёплую, шчырую любоў да роднай мовы і роднага краю.
Творчая спадчына Пазнякова багатая і разнастайная. Ён пачынаў з дзіцячых вершаў і загадак, кніг «Дзіўныя «блізняты» і «Побач з татам», каб стварыць цэлую паэтычны сусвет для самых маленькіх. Асоблівым попытам сярод маленькіх чытачоў карыстаецца кніга «Мая цудоўная Радзіма». Гэта не проста зборнік вершаў, а паэтычны дапаможнік для выхавання пачуцця патрыятызму, павагі да сям’і, прыроды і працы. Яго голас знайшоў дарогу і да дарослых – у зборніках «Колер радасці», «Час надзеі», «Любі і помні», «Крутит время свои жернова», «Святое правіла… » – ён разважае пра вечныя каштоўнасці: Радзіму, любоў, памяць.
Як перакладчык, Міхась Пазнякоў адкрыў беларускаму чытачу сусветную класіку: Сервантэса, раманы Вальтэра Скота, братоў Грым і многіх іншых.
Ён спраўдзіў місію пасрэдніка паміж культурамі, а яго ўласныя творы, перакладзеныя на больш чым 30 моў свету, разносяць голас Беларусі далёка за яе межы: «І няма нічога больш дарагога» – аповесці, апавяданні, эсэ на арабскай мове; «Цяпло рамонкавай завеі» – вершы на ўкраінскай мове; «Моё богатство» – вершы на рускай мове; «Забродье» – вершы на рускай і калмыцкай мовах і інш.
Літаратурная прэмія імя Пятруся Броўкі ў галіне дзіцячай літаратуры, тры Рэспубліканскіх літаратурных прэмій «Лепшая кніга года», лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – гэта прызнанне не толькі майстэрства, але і значэння яго працы для грамадства. Яго вершы жывуць у школьных падручніках, чытанках і дзіцячых песнях.
Пазнаёміцца з многалікай творчасцю Міхася Пазнякова магчыма ў бібліятэках нашага раёна.
