НОВОСТИ / 80 лет Победы советского народа в ВОВ / 45 гадоў з часу выдання рамана-дылогіі «Партызаны» А.М. Адамовіча

45 гадоў з часу выдання рамана-дылогіі «Партызаны» А.М. Адамовіча

Хто добра знаёмы з творчасцю Алеся Адамовіча, пацвердзіць, як шмат напісана ім аб барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб трагедыі беларускага народа, звязанай з нечуванай жорсткасцю нямецкіх акупантаў. Прыгадае і дакументальныя кнігі, створаныя Адамовічам у суаўтарстве: «Я з вогненнай вёскі…» – плён супрацоўніцтва з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам і «Блакадную кнігу», напісаную супольна з рускім празаікам Даніілам Граніным. А яшчэ, магчыма, згадае і фільмы, знятыя паводле сцэнарыяў Алеся Міхайлавіча, у якіх ва ўсім сваім вычварным вобліку паўстаў фашызм і носьбіты яго ідэалогіі.

А каму, як не яму, які ў юнацтве ваяваў з ворагам, было брацца за такую адказную тэму? Сапраўды, у Алеся Адамовіча была і «свая» вайна, як, дарэчы, і ў сям’і Адамовічаў. Бацька знаходзіўся на фронце, а маці, загадваючы аптэкай, дапамагала бежанцам лекамі і харчаваннем. Іх сыны – Яўген і Алесь – звязаліся з байцамі партызанскага атрада імя Кірава, выконвалі іх даручэнні. Пазней Адамовічы далучыліся да гэтага атрада. Пра сваё агнявое юнацтва Алесь Міхайлавіч расказаў у дылогіі «Партызаны».

Гэтая назва з’явілася пасля таго, як раманы, што склалі яе змест, ужо былі завершаны. Цікава, што, пішучы іх, пісьменнік адмовіўся ад прынцыпу, якім звычайна карыстаюцца празаікі: адлюстроўваць падзеі і лёсы персанажаў у лагічнай паслядоўнасці. Алесь Адамовіч парушыў правіла. Спачатку ўзяўся за другую частку дылогіі – раман «Сыны ідуць у бой», пра што сведчыць першая дата пад гэтым творам. Першы ж раман «Вайна пад стрэхамі» пачаў у 1955 годзе і завяршыў у 1959-м. А ўжо ў 1960-1963 дапісаў «Сыны ідуць у бой».

Істотны і такі момант. Раманы, напісаныя па-руску і ўпершыню надрукаваныя ва ўсесаюзным часопісе «Дружба народов» («Вайна пад стрэхамі» ў нумарах 8, 9 за 1960 год, «Сыны ідуць у бой» – у 7, 8 за 1963), неаднаразова перавыдаваліся ў арыгінале, выходзілі ў перакладах на многія мовы. І вось нарэшце дылогія «Партызаны», дзякуючы Ірыне Шаўляковай і выдавецтву «Беларуская навука», прыйшла да чытача па-беларуску.

Публікацыі папярэднічае прадмова Уладзіміра Бойкі са шматзначнай назвай «Адрасавана кожнаму». У тым сэнсе, што з гэтымі раманамі грэшна не пазнаёміцца. Прынамсі тым, хто дагэтуль з імі не быў знаёмы. Магчыма, у нечым і завельмі сказана, але з высновай, што «народ малюе пісьменнік, народ на пераломе лёсу. І, як у фокусе, лёсы народныя сканцэнтраваны ў вобразах Ганны Міхайлаўны, Толі і іх акружэння».

Асабліва дэталёва прасочаны лёс Толі Корзуна і Ганны Міхайлаўны, прататыпамі якіх з’яўляюцца сам аўтар дылогіі і яго маці. Супраціўленне акупантам, што пачалося з «вайны пад стрэхамі» і  пакуль не прыносіла ім вялікага ўрону, перарасло ў тую стадыю, якая трапляе пад дакладнае вызначэнне «сыны ідуць у бой».

Гэтае выданне «Партызанаў»  найперш для тых чытачоў, хто добра знаёмы з сучаснай «ваеннай прозай». Можна ўпэўніцца, як успрымаў усенароднае змаганне з фашызмам пісьменнік, які, па сутнасці, стаяў каля вытокаў праўдзівага адлюстравання яго.

Па аналогіі з назвай двухсерыйнага мастацкага фільма «Ідзі і глядзі», пастаўленага Элемам Клімавым па сцэнарыі, напісаным ім сумесна з Алесем Адамовічам, так і хочацца сказаць: «Бяры і чытай». «Партызаны» ў беларускамоўным варыянце сталі сто дзявятым томам у серыі «Беларускі кнігазбор».

Артыкул Кастуся АРЦЁМЕНКА,

Літаратура і мастацтва

 

Поделиться ссылкой:

Ещё на сайте

Час военной прозы «Эти строки и страницы – вёрст войны и дней войны»

В филиале Скриплицкая сельская библиотека прошел час военной прозы «Эти строки и страницы – вёрст …

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Я согласен с Правилами пользования сайтом и Правилами пользования библиотекой