НОВОСТИ / Персона / «ЗАСТАНЕМСЯ МЫ Ў СУЗОР’ЯХ»

«ЗАСТАНЕМСЯ МЫ Ў СУЗОР’ЯХ»

22 сакавіка – 105 гадоў з дня нараджэння Аляксея Васільевіча Пысіна, беларускага паэта, журналіста, перакладчыка, заслужанага дзеяча культуры БССР. Нарадзіўся Аляксей Пысін ў 1920 годзе ў вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Магілёшчыне і яе людзям Аляксей Пысін прысвяціў усю сваю доблесную дзейнасць.

Дзяцінства і юнацтва паэта праходзіла ў роднай вёсцы, і спазнала тое, што ад веку выпадала спазнаць сялянскаму хлапчуку: радасць i, адначасова, нялёгкую працу, а праз працу – сэнс жыцця. З’явілася імкненне да ведаў і культуры. У 1938 годзе, пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы райком камсамола накіраваў яго, як актыўнага селькора раённай газеты “Чырвоны сцяг” на вучобу ў Мінскі Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М. Кірава. І ужо праз год Аляксея дэтэрмінова накіравалі на працу літсупрацоўнікам ў Бельскую раённую газету “Чырвоная звязда”. Менавіта тут ён зразумеў, што газета – яго лёс і працаваў на Беласточчыне да 22 чэрвеня 1941 года.

Вялікую Айчыную вайну прайшоў сувязістам – забяспечваў бесперабойную кабельную сувязь пярэдняга краю з камандаваннем. Яго зброяй была вінтоўка, катушка з провадам-кабелем і палявы тэлефонны апарат. Аляксей Пысін удзельнічаў у баях на пяці франтах. Двойчы быў цяжка паранены. Узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём “За адвагу”, салдат Пысін сустрэў Дзень Перамогі ў Латвіі, на беразе Балтыйскага мора. Вайна пакінула незабыўны след у памяці паэта.

Дэмабілізаваны з арміі ў 1946 годзе А. Пысін вярнуўся на радзіму і працаваў адказным сакратаром Краснапольскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”. Ён друкаваў першыя пасляваенныя вершы ў часопісах “Вожык”, “Беларусь”, газеце “Літаратура і мастацтва”. У 1950 годзе Аляксея Васільевіча Пысіна прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў СССР. Першая кніга Аляксея Пысіна “Наш дзень” выйшла ў свет у 1951 годдзе, праз 13 гадоў пасля з’яўлення ў друку яго першых вершаў.

Добрай школай паэтычнага выхавання сталі для Аляксея Васільевіча Пысіна Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, на якія ён паступіў у 1956 годзе. Пасля заканчэння, ў 1958 годзе, літаратурных курсаў Аляксей Пысін, да выхаду на пенсію, жыў у Магілёве і працаваў у рэдакцыі газеты “Магілёўская праўда”. Аб настойлівай вучобе і крапатлівых творчых пошуках сведчаць зборнікі вершаў паэта: “Сіні ранак” (1959 г.), “Сонечная паводка” (1962 г.) і ў гэтым жа годзе першая кніга для дзяцей “Матылёчкі-матылі”.

Лірыцы Аляксея Васільевіча ўласцівы жыццёсцвярджальнасць, спавядальная шчырасць, унутраная засяроджанасць. За зборнік вершаў і паэм “Твае далоні” ў 1968 годзе Аляксею Васільевічу Пысіну была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы. Праз некаторы час паэт атрымаў прапанову пераехаць у Мінск, але, пасля нядоўгіх разважанняў, застаўся ў Магілёве, які стаў яму родным горадам.

Пысін напісаў дзесяткі нарысаў, артыкулаў аб розных людзях, чалавечых лёсах, паказаў веліч подзвігу і багатую духоўную культуру людзей вёскі. Ён захапляўся працай звычайных людзей і справаў разабрацца і знайсці карані працоўнага гераізму.

З 1974 года і да апошніх дзён быў старшынёй Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР, ставіў на крыло маладых паэтаў і пісьменнікаў. У 1980 годзе Аляксей Васільевіч Пысін атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР, а ў 1981 быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

27 жніўня 1981 года Аляксея Васільевіча Пысіна не стала. Пахаваны ў Магілёве. Зараз імя Аляксея Пысіна носяць вуліцы ў Магілёве і Краснаполлі, Палужская сярэдняя школа Краснапольскага раёна. У літаратурным музеі Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта А.А.Куляшова створаны куток памяці А.Пысіна, у абласной бібліятэцы штогод праходзяць Пысінскія чытанні.

Поделиться ссылкой:

Ещё на сайте

16 КРАСАВІКА – 90 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ АНАТОЛЯ КЛЫШКІ

«Любіце і шануйце родную мову, сябруйце з кнігай! Чытайце, падрастайце, вучыцеся на карысць Беларусі!» Анатоль …

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Я согласен с Правилами пользования сайтом и Правилами пользования библиотекой