Беларускі пісьменнік Міхась Лынькоў (поўнае імя Міхаіл Ціханавіч Лынькоў) нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка 30 лістапада 1899 у в. Зазыбы 20 (цяпер Лёзненскі раён Віцебскай вобласці). Скончыў Старасельскае народнае вучылішча, у 1917 годзе — Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе (цяпер Буда-Кашалёўскі раён).
У 1919—1922 гадах служыў у Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне, у разгроме атрадаў С. Булак-Балаховіча. Настаўнічаў у вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна. У 1925—1928 гг. — адказны сакратар рэдакцыі, намеснік рэдактара, у 1928—1930 гг. — рэдактар бабруйскай акруговай газеты «Камуніст».
Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскага філіяла «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1930—1932 гг.), сакратаром аргкамітэта (1932—1934 гг.), галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1933—1941 гг.), старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1938—1948 гг.).
Удзельнік паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), рэдагаваў газету «Беларуская звязда» — орган палітупраўлення Беларускага фронту. У 1941—1942 гг. — рэдактар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» (выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах). У 1943—1946 гг. і 1949—1952 гг. — дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР.
Абіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР (1921—1931 гг.), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання (1940—1945 гг.). Як член дэлегацыі БССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Акадэмік АН БССР. Член Саюза Пісьменнікаў СССР (1934—75 гг.). Народны пісьменнік БССР (1962).
Сям’я Міхася Лынькова (жонка яўрэйка Хана Абрамаўна і сын Марык) была расстраляна немцамі ў верасні 1941 года ў Старадарожскім раёне. Разам з імі была расстраляна і сям’я брата Рыгора — жонка з дачкой. У 1946 годзе Янка Маўр напісаў апавяданне «Завошта?», у аснову якога лёг гэты трагічны факт.
Пасля вайны ажаніўся з настаўніцай Соф’яй Захараўнай Куспіц. Сваіх дзяцей у іх не было. Але выхавалі дваіх прыёмных дзетак.
Дэбютаваў вершам у 1919 годзе (смаленская газета «Борьба»), першыя апавяданні — у 1926 годзе (бабруйская газета «Камуніст» і зборнік бабруйскага філіяла «Маладняка» — «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зверыядавец» (аповесць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданне ў 1969), нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданне «Агні Танганьікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданні» (1938, 1941, 1947), Зборы твораў у 4-х (1967—68) і ў 8 тамах (1981—85).
Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).
М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.
Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1962). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».
12.1.1976 Пастановай Савета Міністраў БССР Крынкаўскай школе (Лёзненскі раён) было прысвоена імя М. Ц. Лынькова. У школе створаны музей, які налічвае больш за 600 экспанатаў, у тым ліку каля 300 арыгінальных. Сярод іх асабістыя рэчы пісьменніка — кепка, гальштук, значок «Выдатнік народнай асветы БССР», дэпутацкі білет.
Імя М. Лынькова носіць вуліца ў Мінску.
Памёр 21 верасня 1975 года.
Больш падрабязна пра жыццё і творчасць Міхася Лынькова можна даведацца з артыкула БЕЛТА “ДОСЬЕ: К 120-летию народного писателя Беларуси Михася Лынькова”, а таксама з артыкула sb.by “120 лет со дня рождения Михася Лынькова: шесть удивительных фактов из жизни писателя”, апублікаваных 30 лістапада 2019.
Лынькоў, М. Збор твораў : у 8 т. / Міхась Лынькоў ; [рэдкалегія: В. В. Барысенка і інш. ; уступны артыкул Ю. С. Пшыркова ; пасляслоўе Д. Бугаёва] ; Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы : Т. 8 : . – Мінск : Навука і тэхніка, 1981—1985 Пісьмы, 1935—1975 / [рэдактар тома І. Я. Навуменка ; падрыхтоўка пісем і каментарыі А. Ф. Харкевіч]. – 1985 – 621, [1] с., [4] л. іл., партр. ББК 84(4Беи)6
Лынькоў, М. Збор твораў : у 4 т. / Міхась Лынькоў ; [уступны артыкул Ф. Куляшова] : Т. 4 : . – Мінск : Беларусь, 1967—1968 Аповесці. Апавяданні. Дарожныя нататкі. Нарысы. Аўтабіяграфія. – 1968 – 568, [2] с., [5] л. іл. ББК 84(4Беи)6
Т. 1: Апавяданні
Т. 2: Векапомныя дні
Т. 3: Векапомныя дні
Т. 4: Аповесці, апавяданні, дарожныя нататкі, нарысы, аутабіяграфія
Лынькоў, М. Міколка-паравоз : аповесць / Міхась Лынькоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2016 – 123, [2] с. ББК 84(4Беи)6-44
Аннотация: «Міколка-паравоз» — шырока вядомая аповесць народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова пра жыццё і прыгоды хлопчыка Міколкі, сына чыгуначніка.
Аповесць для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
Лынькоў, М. Над Бугам : выбранае / Міхась Лынькоў ; [укладальнік З. Пазняк ; мастак А. І. Цароў]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2002 – 443, [3] с.. – (Беларуская проза ХХ стагоддзя) ББК 84(4Беи)6-44
У кнігу народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1899-1975) увайшлі лепшыя апавяданні, аповесці “Апошні зверыядавец”, “Міколка-паравоз”, урыўкі з рамана “На чырвоных лядах”.
Куляшоў, Ф. І. Міхась Лынькоў : нарыс жыцця і творчасці / Фёдар Куляшоў. – Мінск : Народная асвета, 1979 – 191 с.. – (Народныя пісьменнікі БССР) ББК 83.3(4Беи)6-8
Аўтар прасочвае вытокі творчасці Міхася Лынькова, раскрывае яго рознабокавую дзейнасць як публіцыста, вучонага, грамадскага дзеяча. Пры гэтым выяўляецца адзінства, цесная знітаванасць жыццёвага шляху пісьменніка і яго творчасці, падаецца яго індывідуальная манера і шырокі творчы дыяпазон.
Мушынскі, М. І. Свайму часу і вечнасці : зборнік артыкулаў / М. І. Мушынскі ; [укладальнікі: Т. Ф. Мушынская, Т. М. Мушынская ; навуковы рэдактар І. В. Саверчанка] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут літаратуразнаўства ім. Я. Купалы. – Мінск : Беларуская навука, 2021 – 479, [1] с. ББК 83.3(4Беи)-8
Карлюкевіч, А. Пухавіччына: літаратурнае гняздо Беларусі / Алесь Карлюкевіч ; [прадмова А. Мальдзіса]. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2020 – 318, [1] с. ББК 83.3(4Беи)