Вёскі, спаленыя, забітыя разам з людзьмі, – гарачая, балючая, гнеўная праўда і памяць Беларусі. Жыхары больш як двухсот нашых разбураных у Вялікую Айчынную вайну гарадоў і больш за дзевяць тысяч спаленых вёсак, многія сотні якіх знішчаны разам з жыхарамі, – маюць што сказаць свету.
Праца над кнігай цягнулася амаль 5 гадоў. За 1970-1973 гады аўтары аб’ездзілі 35 раёнаў Беларусі, пабывалі ў 147 “вогненных вёсках”. Запісалі на магнітафонную стужку ўспаміны больш за 300 жывых сведкаў трагедый беларускіх вёсак і мястэчак. Кніга была апублікавана ў 1975 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Вялікую колькасць фатаграфій у кнізе дапаўнялі дзве грампласцінкі з запісамі галасоў тых, хто рассказваў пра трагедыю. Пісьменнік Сакрат Яновіч у лісце да Янкі Брыля так выказваў свае ўражанні ад кнігі: “Не чытаў такога, не толькі па-беларуску! Уражанне велізарнае! Чытаў і плакаў! … Колькі адчуванняў, колькі думак ды асыцыяцыяў у кожным сказе, у амаль кожным слове чалавека, які перажыў сваю смерць!”.
Жыхары «вогненных вёсак». Фатаграфіі Уладзіміра Калесніка 1970 – 1973 гады.
“Сваю задачу мы бачылі ў тым, каб зберагчы, утрымаць, як “плазму”, невыносную тэмпературу чалавечага болю, недаўмення, гневу, якія не толькі ў словах, але ў голасе, у вачах, на твары; утрымаць усё тое, што, як паветра, акружае чалавека, які расказваў нам, а цяпер, са старонак кнігі, звяртаецца да чытача – да вас звяртаецца”. Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік пісалі: “Няхай гэтыя галасы будуць з намі, з нашым народам і з усімі сумленнымі людзьмі, хай яны не толькі напамінаюць пра мінулае, але і клічуць быць пільнымі”.