Нарадзіўся Пятрусь Броўка 25 чэрвеня 1905 года ў беднай сялянскай сям’і. Бацька, Усцін Адамавіч, рабіў куфры, шафы і толькі гэтым прырабляў на пражытак сям’і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была занята хатняй працай, клопатамі пра дзяцей. Пятрусь пасвіў гусей, потым авечак і пазней кароў, вадзіў коней на начлег. У 9-гадовым узросце, літаральна па складах, па просьбе сялянак, пісаў лiсты іх мужам на франты Першай сусветнай вайны. Вучыўся П. Броўка спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вучыўся ў Лепельскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, але на поўнае навучанне ў сям’і не хапіла сродкаў.
Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пазнаёміўся з вершамі Я. Купалы, апавяданнямі Я. Коласа, паэзіяй М. Някрасава. Пісаў у барысаўскую павятовую газету “Бядняк”, у газеты “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь”, “Звязда”. Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці вясковай моладзі, стаў селькорам. У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Член Саюза пісьменнікаў СССР.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. У 1941-1942 быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты “За Савецкую Беларусь” на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. З 1943 – адказны сакратар праўлення СП БССР, а з 1945 у другі раз прызначаны галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. У 1948 г. абраны старшынёй праўлення СП БССР (да 1967). У 1967-1980 – галоўны рэдактар БелСЭ.
Пятрусь Броўка вядомы і як яркі і самабытны паэт. Сярод яго паэтычных твораў зборнікі “Дарога жыцця”, “Спатканне”, “А дні ідуць”, “Між чырвоных рабін” і іншыя. Ён лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба, лаўрэат прэміі БССР імя Янкі Купалы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Для дзяцей выдаў кнігі паэзіі: “Маладым сябрам”, “Наш музей”, аповесць “Донька-Даніэль”. Выступаў як перакладчык.
Пятрусь Броўка ўзнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, Знак Пашаны, балгарскім ордэнам Кірылы і Мяфодзія, медалямі. У Мінску створаны літаратурны музей П. Броўкі, яго імя прысвоена выдавецтву «Беларуская Энцыклапедыя», імем П. Броўкі названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.
Ещё на сайте
Дом без пожара
С целью снижения рисков возникновения пожаров в жилом секторе и предотвратить гибель людей, с 16 …