«Усё адтуль, дзе Радзіма…» – гэта кніга роздумаў, літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі нашага земляка, вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Уладзіміра Саламахі.
Старонкі кнігі знаёмяць чытачоў з творамі класікаў, а таксама пісьменнікаў сучаснага пакалення. Зборнік уключае эсэ пра літаратуру, творчасць і месца чалавека ў свеце.
Кніга складаецца з двух раздзелаў: “Мы – не пачатак. Мы – працяг…” і “Калі мы разам…”. Са старонак зборніка перад намі паўстаюць творчыя здзяйсненні беларускіх пісьменнікаў: Міхася Пазнякова “Пра маці можна расказваць бясконца…”, Навума Гальпяровіча “Гэта ўсё ад жыцця…”, Мікалая Чаргінца “Пра наша кроўнае” і іншых.
Аўтар добра ведае сваіх калег па творчасці, унікліва аналізуе повязь творчасці пісьменніка ўвогуле і асобных твораў з Радзімай, родным краем і шчыра дзеліцца гэтай інфармацыяй з чытачамі.
Многія старонкі кнігі – гэта зварот пісьменніка да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Сын франтавіка, які вырас сярод людзей, што прайшлі праз вогненнае пекла, Уладзімір Саламаха разглядае сённяшні дзень як падарунак папярэднікам, людзей, большасць якіх не вярнуліся з вайны. І таму так чулліва піша аўтар, згадваючы і пісьменнікаў-франтавікоў: “220 літаратараў – сведак праўды пра вайну”, “Нашы і вашы Боркі”, “Не маем права забываць”, “Жыве народ, жыве памяць”.
Шмат у кнізе пра роднае, Кіраўскае. “Калі лад і згода паўсюль…” – артыкул аб пасёлку Скачок і адначасова разважанні пісьменніка пра ўзаемаразуменне, памяркоўнасць, агульныя памкненні самых розных людзей ствараць дзеля краіны і сябе, пра спрадвечную людскую мудрасць. Пісьменнік успамінае крынічку якая бруілася ў канцы агарода бацькоў і якая нават прыгадваецца ў рамане Канстанціна Сіманава “Живые и мёртвые”.
Аб пасялкоўцах мірнага пакалення прыгадвае артыкул “На прыкладзе бацькоў”. Аб адным з “генералаў” сельскагаспадарчай вытворчасці 1960-1980-х гадоў Кіраўшчыны Анатоле Навумавічы Падаляку гаворыцца ў артыкуле “Годныя сярод людзей”.
Больш падрабязна аб сустрэчах пісьменніка, тады семнаццацігадовога юнака, з Героем Савецкага Саюза і Героем Сацыялістычнай працы, старшынёй знакамітага на ўвесь Савецкі Саюз калгаса “Рассвет” Кірылам Пракопавічам Арлоўскім гаворыцца ў артыкуле “Будзем дома бываць часцей”.
Радзіма з’яўляецца адной з галоўных святыняў у жыцці Уладзіміра Пятровіча Саламахі. Са старонак кнігі ён гаворыць: “Я заўсёды цікаўлюся лёсамі землякоў, якія і мяне вучылі. А таксама тых, хто нарадзіўся і рос у Скачку пасля. Ведаю, большасць з іх ні пры якіх абставінах не трацілі чалавечнасці. І кожны па-свойму быў і застаецца для маладзейшых у нечым своеасаблівым настаўнікам. Хаця, канешне ж, найперш для сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў”.
У кожным радку кнігу “Усё адтуль, дзе Радзіма…” – патрыятычнае і роднае, наша зямля, якая сёння пад іменем Рэспубліка Беларусь годна ўзвышаецца ва ўсім свеце!