НОВОСТИ / Новости / 115 гадаў з часу выдання першага зборніка вершаў «Песні-жальбы»

115 гадаў з часу выдання першага зборніка вершаў «Песні-жальбы»

У 1910 годзе ў Вільні была выдадзена першая паэтычная кніга Якуба Коласа «Песні-жальбы». Аўтар у гэты час знаходзіўся ў мінскай турме, адбываючы пакаранне за падрыхтоўку і ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Выхад кнігі быў знакавай падзеяй не толькі для Якуба Коласа, але і для ўсёй беларускай літаратуры таго часу. У рэцэнзіі «Нашай нівы», якая з’явілася адразу пасля выхаду кнігі, Альгерд Бульба адзначыў глыбінную народнасць, дакладнасць думкі, неверагоднае майстэрства Якуба Коласа ў стварэнні вершаў пра прыроду: «…у момэнт, калі апісывае нам родныя абразы, ён стаецца артыстам, зросшымся с прыродай».

Высока, але і дастаткова крытычна ацаніў коласаўскія «Песні-жальбы» Максім Багдановіч. У артыкуле «Глыбы і слаі» ён назваў кнігу «цэльнай… па светапогляду», але аднастайнай паводле тэм і матываў. Галоўная каштоўнасць вершаў Якуба Коласа, на думку М. Багдановіча, «у праўдзівай – далёкай ад ўсякай фальшы – любві да бацькоўшчыны; гэтая любоў, як цудоўная жывая вада ў казках, ажыўляе іх і робіць роднымі, блізкімі ўсякаму, у кім яшчэ ёсць душа жывая, хто не забыўся аб долі свайго народа, а мо і сам перажывае апісанае ў гэтых вершах».

Галоўным і сутнасным у першай кнізе Я. Коласа была любоў да роднага краю, якая напаўняе душу высакародным святлом і хараством, якая не можа зацьміць ні ўбогасць паўсядзённага жыцця, ні нараканні на долю. Яна ж, любоў, і загартоўвае душы, даводзячы праз сціпласць малюнка нацыянальнага жыцця, што яно ёсць найперш выпрабаванне на трываласць і чалавечнасць. Вобраз роднага краю, успрыняты праз вочы і сэрца беларуса-працаўніка, і ўвасобіў Я. Колас у першым зборніку «Песні-жальбы», паказаўшы цярпенне і крыж беларуса на шляху ў будучыню.

Паэт вершы сваёй першай кнігі размясціў у пяці раздзелах, што надавала ёй у цэлым кампазіцыйную і зместавую завершанасць: 1. Думкі; 2. Родныя абразы; 3. Мужычае жыцьцё; 4. На разстані; 5. З турмы. Адкрываўся ж зборнік вершам «Не пытайце, не прасіце», дзе творца насамрэч у багушэвічскім стылі дэклараваў, што вясёлых песень даць не зможа, бо «на жыцьце як паглянеш, / Сэрца болем зашчыміць».

Думкі паэта – гэта «сэрца дзеткі», яны «рана засмуцілісь», спазнаўшы горыч і боль жыцця. Многім вершам уласцівая адмысловая вобразнасць, а менавіта метафары, параўнанні, якія характарызуюць аўтара як выбітнага мастака слова, а воклічы, паўторы, звароты афарбоўваюць вершы глыбокім прачулым лірызмам, павышаюць іх эмацыйнасць. Так, у вершы «Пташкі ў лесе шчэбеталі…» малюецца «вясёлы вечар мая», неба над Беларуссю – гэта «Божае поле», па якім плывуць белыя хмаркі – «думкі светлай долі». Праз гэтыя вобразы нараджаецца асаблівая настраёвая дамінанта коласаўскай лірыкі: на першы погляд шэры, будзённы вобраз роднага краю, пазбаўлены пышнай, кідкай экзотыкі, скіроўвае думкі лірычнага героя да вечных пытанняў быцця чалавека на зямлі, яго шчаслівай-нешчаслівай долі, сэнсу існавання. У сваю чаргу такі склад думак укладаецца ў хрысціянскую філасофію жыцця. Вершы кнігі адпаведна чытаюцца і ўспрымаюцца як спазнанне праўды і паўнаты быцця. Гэтае спазнанне адбываецца не праз нейкія экстрэмальныя звышдзеянні і звышсітуацыі, а праз мерны, суровы, працавіты і скупы на свае плады будзень. Выпрабаванні і церні гэтага будня алегарычна мысляцца таксама і як «крыжовая дарога» беларуса-працаўніка, сына сваёй зямлі, і гэтай дарогай трэба прайсці, каб дасягнуць жаданых Новага Неба і Новай Зямлі.

Поделиться ссылкой:

Ещё на сайте

Анонс мероприятий ГУК «Сеть библиотек Кировского района»

ГУК “Сеть библиотек Кировского района” представляет еженедельный анонс мероприятий. ДЛЯ УТОЧНЕНИЯ ИНФОРМАЦИИ ПО МЕРОПРИЯТИЯМ, ПРОСЬБА …

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Я согласен с Правилами пользования сайтом и Правилами пользования библиотекой