…. Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?
Максім Багдановіч
9 снежня споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння аднаго з самых любімых паэтаў Беларусі – Максіма Багндановіча. Ён пражыў усяго толькі 25 гадоў. Пры жыцці была выдадзена адзіная кніга яго вершаў “Вянок”. Вялікую частку часу правёў М.Багдановіч за межамі Беларусі, але, як ніхто іншы, ён дарыў ёй сваю любоў, свае сэрца і розум, сваю творчасць, дасягнуў шырокага прызнання сучаснікаў і нашчадкаў. Імя Максіма Багдановіча стаіць побач з такімі класікамі беларускай і сусветнай літаратуры, як Янка Купала і Якуб Колас. Яго творчая спадчына – вельмі значная частка духоўнай спадчыны і культуры беларускага народа.
З нагоды гэтай значнай падзеі у Жыліцкай сельскай бібліятэцы-філіяле адбылася гадзіна з пісьменнікам “І зорка гарыць і не вяне вянок”. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з асноўнымі, самымі яскравымі момантамі жыцця і творчасці паэта, раскрылі вытокі яго таленту. Адкрыты прагляд літаратуры “Светлы ж след, будзе вечна жывы….” пазнаёміў з кнігамі класіка беларускай літаратуры. На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі вядомыя вершы М. Багдановіча.
Можна з упэўненасцю сказаць, што вялікая любоў жыве ў народзе да яго паэзіі, да яго самога – як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі.