У філіяле Скачкаўская сельская бібліятэка-клуб арганізаваны вечар-партрэт «Усе мае думкі з табою, мая Айчына!», прысвечаны творчасці беларускага пісьменніка, празаіка, публіцыста, літаратуразнаўца і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай літаратурнай прэміі – Уладзіміра Пятровіча Саламахі.
Уладзімір Саламаха – пісьменнік-зямляк, які нарадзіўся ў вёсцы Бераснёўка ў сям’і рабочага лясніцтва, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Скачкаўскай сярэдняй школе.
Свае першыя працоўныя і літаратурныя крокі Уладзімір Саламаха зрабіў менавіта ў мясцовай раённай газеце, дзе быў карэктарам, пісаў нататкі, замалёўкі.
У 1968-1970 гг. служыў ў арміі. Пасля закончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і далей працаваў на розных пасадах у рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі, займаўся літаратурнай творчасцю.
Пад час правядзення мерапрыемства дзеці адкрылі для сябе свет літаратурных герояў, пра якіх пісаў Уладзімір Саламаха, – звычайных сучаснікаў, якія шукаюць сябе. Пазнаёміліся з яго творамі: «Блізкі далёкі бераг», «Яўменава хата», «На ўзмежку радасці», дзе адлюстроўваюцца тэмы вайны, патрыятызму беларускага народа, адносін да Айчыны.
Асаблівае ўражанне на гасцей вечара зрабілі кнігі з асабістым аўтографам Уладзіміра Саламахі.
Сустрэча прайшла ў цёплай і натхняльнай атмасферы, пакінуўшы прыемныя ўражанні на ўсіх удзельнікаў.